Мы працягваем працэс абскарджання рашэння ЦВК аб нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі. Расказваем вам падрабязнасці.
Дзяржаўнымі органамі былі выкладзеныя ў інтэрнэт 2 цікавыя дакументы:
- Пастанова аб адмове ў рэгістрацыі Бабарыкі В.Дз. у якасці кандыдата ў прэзідэнты
- Вызначэнне Вярхоўнага Суда аб адмове ва ўзбуджэнні справы на падставе скаргі, пададзенай па даверанасці
Мы са свайго боку хочам дадаць да гэтых дакументаў яшчэ адзін – пададзеную сёння, 17.07.2020, паўторна скаргу. У ёй дакладна прапісанае права адваката на падпісанне скаргі на падставе даверанасці.
Але давайце адновім ход падзей з самага пачатку.
15 ліпеня, адразу пасля атрымання афіцыйнага адказу ЦВК аб нерэгістрацыі, мы падалі скаргу на гэтае рашэнне ў Вярхоўны Суд. На наступны дзень яе адхілілі. Прычына — скаргу падаў не сам кандыдат у кандыдаты, а яго прадстаўнік, юрыст Максім Знак. Пры тым, што ў яго ёсць натарыяльна завераная даверанасць менавіта для такіх выпадкаў.
Сёння мы працавалі яшчэ больш старанна: не толькі падрыхтавалі скаргу на адмову суда разглядаць справу, але і зрабілі ўсё, каб яшчэ раз падаць скаргу ўсімі магчымымі спосабамі:
- а 9.00 адвакаты былі ў Віктара Бабарыкі, каб ён мог падпісаць скаргу і самастойна даслаць яе ў Вярхоўны суд поштай з СІЗА
- адвакаты праз адміністрацыю СІЗА звярнуліся з просьбай дазволіць Віктару Бабарыку падпісаць скаргу і зноў перадаць яе адвакатам для падачы ў суд.
Адвакатам, на жаль, нічога не перадалі.
Ці дайшоў ліст Віктара Бабарыкі, дасланы з СІЗА, пакуль незразумела.
З добрых навінаў: ці дайшоў ліст, стане зразумела ў панядзелак. Да таго ж, мы ўпэўненыя, што і самая першая скарга адпавядала ўсім нормам. Але нават калі з ёй паўстануць праблемы і ліст Віктара Бабарыкі дойдзе пазней, у кожнай скарзе на рашэнне ЦВК маецца пункт аб аднаўленні прапушчанага тэрміну з уважлівых прычынаў (у нашым выпадку тэрмін быў 3 дні).
Што рабіць нам? Працягваць дзейнічаць. Выказваць нязгоду, камунікаваць з прадстаўнікамі рэжыму — гэта нашае законнае права, і яны павінны гэта ведаць.
Таксама велізарная падзяка людзям, якія з 18.00 учорашняга дня занялі чаргу для таго, каб адвакаты маглі трапіць да Віктара Бабарыкі сёння а 9.00 раніцы. Гэта неацэнная дапамога!
Памятайце, што мы не збіраемся спыняцца.
Разам — пераможам.