Па стане на 19.00 18 чэрвеня адвакатаў так і не дапусцілі да затрыманых раніцай Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Юрысты падалі скаргу на супрацьпраўныя дзеянні ў пракуратуру. Ані адвакаты, ані штаб на дадзены момант не валодаюць інфармацыяй аб месцазнаходжанні Віктара і Эдуарда. У дамах сям’і Бабарыкаў ідуць ператрусы.
Мы сабралі рэкордную колькасць подпісаў за альтэрнатыўнага вылучэнца – 426 000. Сёння мы планавалі падаць апошнюю частку ў выбарчыя камісіі. Нам перашкодзілі гэта зрабіць, бо падаць подпісы ў некаторыя камісіі мелі права толькі Віктар Бабарыка ці Эдуард Бабарыка як кіраўнік штаба. Але галоўнае, што мы ўжо падалі неабходную для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты колькасць подпісаў. Штаб працягвае працаваць у звычайным рэжыме.
Падзеі апошніх дзён і, у прыватнасці, сённяшняе затрыманне і нядопуск адвакатаў да Віктара і Эдуарда Бабарыкаў мы лічым прамым парушэннем правоў чалавека. Тое, што мы даведваемся аб заведзенай крымінальнай справе і затрыманні з дзяржаўных тэлеканалаў – мы лічым абсурдам.
Тое, што цяпер адбываецца з Віктарам і Эдуардам, паказвае з якім цынізмам ставіцца беларуская дзяржава да сваіх грамадзянаў. Хамства, гвалт, шантаж, пагрозы, прыніжэнне і высмактаныя з пальца абвінавачванні – з гэтым сутыкаецца кожны грамадзянін. Настаўнік, якога прымушаюць збіраць подпісы, рабочы, якому бясконца пагражаюць разрывам кантракта, медсястра, якую пазбаўляюць прэміі пры жабрацкай зарплаце, прадпрымальнікі і бізнесмены, якіх трасуць праверкамі і вымагаюць у іх хабар, пенсіянеры, якіх вымушаюць выжываць і лічыць кожную кожную капейчыну, міліцыянты, якіх прымушаюць парушаць закон, які яны павінны абараняць.
Мы павінны змяніць гэта разам. Не людзі для дзяржавы, а дзяржава для людзей!
У сваім учорашнім відэа Віктар Бабарыка звярнуўся да беларусаў з просьбай станавіцца сябрамі ўчастковых выбарчых камісій, каб даць зялёнае святло сумленным выбарам у нашай краіне.
Калі вы хочаце дапамагчы, то далучайцеся да грамадскай ініцыятывы «Сумленныя людзі» https://honestpeople.by/ і падавайце свае заявы ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Давайце падамо заявы ў кожную камісію!
Перамены да лепшага! Разам!